Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомель: Кандыдату ў дэпутаты ад АГП вынеслі папярэджанне

Фота Радыё Свабода
Фота Радыё Свабода

Гомельская гарадская выбарчая камісія на сваім пазачарговым пасяджэнні 30 студзеня разгледзела пытанне аб вынясенні папярэджання кандыдату ў дэпутаты Гомельскага гарсавета ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Канстанціну Жукоўскаму. На пасяджэнні камісіі прысутнічаў незалежны назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка.

Старшыня выбарчай камісіі Віталь Атаманчук зачытаў заяву супрацоўніка абласнога ўпраўлення ДАІ Уладзіміра Кадзетава аб паклёпе і абразе, якія кандыдат Жукоўскі дапусціў ў яго адрас падчас пікету каля будынку ДАІ. Маёр міліцыі прасіў выбарчую камісію за дапушчаныя парушэнні адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.

Прысутны тут кандыдат Жукоўскі меў магчымасць весці прамую стрым-трансляцыю паседжання і растлумачыў, як ўказаны супрацоўнік ДАІ раней абвінаваціў яго ў здзяйсненні правапарушэнняў, а пратаколы пасля былі адменены ў судовым парадку. Такім чынам, на яго думку, міліцыянт перавысіў службовыя паўнамоцтвы, пра што ён і нагадваў падчас пікету.

Незалежны назіральнік Леанід Судаленка ў сваім выступленні падкрэсліў, што паклёп і абраза з'яўляюцца правапарушэннем, а Жукоўскі да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягнуты. Ён таксама нагадаў, што супрацоўнік ДАІ мае права абараніць свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ў судовым парадку, прасіў не прымяніць да партыйнаму кандыдату такую ​​«вышэйшую меру», як выключэнне з перадвыбарчай гонкі.

Старшыня камісіі Віталь Атаманчук далучыўся да меркавання назіральніка і падкрэсліў, па наяўных дадзеных 10 лютага Жукоўскі плануе правесці ў цэнтры горада сумесны з іншымі кандыдатамі перадвыбарчы пікет. Калі ён не зробіць высноў і паўторна парушыць артыкул 47 Выбарчага кодэкса, тады яго рэгістрацыя будзе анулявана. Пры галасаванні думкi членаў камісіі падзяліліся - з дзевяці прысутных 6 прагаласавала за папярэджанне, тры за адмену рэгістрацыі.

Кандыдат Кастусь Жукоўскі балатуецца і ў абласны Савет дэпутатаў. Выбары прызначаны на 18 лютага.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары» паводле «Гомельскай Вясны".


Каментары