Як кандыдат у дэпутаты ашальмаваў лозунг «Zакон як дышаль»
6 лютага кандыдат у дэпутаты Гомельскага гарадскога і абласнога Саветаў Кастусь Жукоўскі аспрэчыў пісьмовыя папярэджанні гарадской і абласной выбарчых камісій аб недапушчэнні паклёпу і абраз у адрас службовых асоб дзяржаўных органаў. У скаргах у Гомельскую абласную і Цэнтральную выбарчыя камісіі кандыдат заяўляе аб перашкодзе яму свабодна весці перадвыбарчую агітацыю.
Нагадаем, 27 студзеня кандыдат у дэпутаты правёў каля будынку абласнога ДАІ пад бел-чырвона-белым сцягам перадвыбарчы пікет, на якім вывесіў лозунг «Zакон як дышаль». Падчас пікету праз гучнагаварыцель крытыкаваў супрацоўніка ДАІ, які, на яго думку, раней незаконна пераследваў яго за парушэнне ПДР.
Пакрыўджаны супрацоўнік ДАІ, якім апынуўся маёр міліцыі Кадэтаў В.Г. звярнуўся ў выбарчыя камісіі, тыя ў сваю чаргу 30 студзеня вынеслі Жукоўскаму пісьмовыя папярэджанні.
«Мне не зразумела, як можна абразіць або зганьбіць лозунг «Zакон як дышаль» і бел-чырвона-белы сцяг, пра што мяне папярэдзілі ў выбаркамах. Паклёп і абразу заўсёды накіраваны супраць асобы, а ў камісіях кажуць - супраць сымбаляў", - заявіў «Гомельскай Вясне» Кастусь Жукоўскі.
Кандыдат таксама дадаў, што нават калі ён падчас перадвыбарчага пікету негатыўна выказваўся пра дзейнасць супрацоўнікаў ДАІ і аб працы мясцовых чыноўнікаў, гэта з'яўляецца негатыўнай крытыкай, а не паклёпам і абразай, як пра гэта лічаць у выбарчых камісіях.
"На момант вынясення папярэджання ні пакрыўджаны на маю крытыку супрацоўнік міліцыі, ні чыноўнікі не прад'явілі мне ніякіх прэтэнзій. Прэтэнзіі да мяне маюць толькі ў выбаркамах, якія, як я лічу, шкодзяць мне, як кандыдату ў дэпутаты ў вольным правядзенні перадвыбарчай агітацыі», - дадаў папярэджаны кандыдат.
Доўгатэрміновы назіральнік у Гомельскай гарадской выбарчай камісіі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка, які прысутнічаў пры вынясенні кандыдату Жукоўскаму папярэджання заяўляе, што паклёп і абразу заўсёды з'яўляюцца суб'ектыўным меркаваннем да таго часу, пакуль не пройдуць судовую праверку.
"Я ўспамінаю выпадак, як у мінулым годзе на выраз Кастуся Жукоўскага "МУС-Гестапа" абразіўся начальнік Лоеўскага РАУС і прад'явіў маральную шкоду. Тады ў судзе мы даказалі, што дадзены выраз не з'яўляецца ні паклёпам, ні абразай. Так і тут. Камісіі перад вынясеннем папярэджанняў абавязаны былі ўстанавіць, але не зрабілі гэтага, якое канкрэтнае выказванне кандыдата абразіла канкрэтнага чыноўніка", - падкрэсліў незалежны назіральнік.
Згодна выбарчага заканадаўства вышэйшыя камісіі абавязаны разгледзець скаргу кандыдата ў 3-х дзённы тэрмін, пасля чаго папярэджанне можа быць абскарджана і ў суд. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з'яўляецца канчатковым.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" па інфармацыі сайта «Гомельская Вясна»