Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёўшчына: агітацыйная кампанія ў рэгіёне праходзіць незаўважна

Фота mspring.online
Фота mspring.online

Нягледзячы на ​​«мінімальныя змены ў лепшы бок» ва ўмовах для правядзення агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў, агітацыйная кампанія ў Магілёве і іншых гарадах вобласці шмат у чым носіць сімвалічны характар.

Пра гэта паведамляюць нашы назіральнікі, праводзячы параўнанне паміж агітацыйным перыядам падчас мясцовых выбараў 2014 года і цяперашнім.

«Агітацыйная кампанія ў Магілёве праводзіцца менш актыўна, чым у 2014 годзе. Скарацілася актыўнасць з боку і партый і насельніцтва. У спецыяльна адведзеных для агітацыі памяшканнях сустрэчы з выбаршчыкамі не праводзяцца. У дварах і прыдамавой тэрыторыі таксама не відаць шматлікіх мітынгаў ці сустрэч з кандыдатамі ў дэпутаты. Не заўважна і подворнага абыходу кандыдатамі для агітацыі гараджанаў», - распавядае Уладзімір Краўчанка.

«Значная частка насельніцтва не верыць у аб'ектыўнасьць працы выбарчых камісій, і людзі заяўляюць, што на выбары не пойдуць. А самі кандыдаты не вераць у магчымасць сваёй перамогі на выбарах», - рэзюмуе праваабаронца.

Кажучы пра канкрэтныя лічбы, назіральнікі адзначаюць некаторыя паляпшэнні ўмоваў для агітацыі.

Так, колькасць памяшканняў, адведзеных для сустрэчаў кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, павялічылася з 26 ў 2014-м годзе да 36 у 2018-м. Як правіла, яны знаходзяцца ў школах і іншых навучальных, культурных і грамадскіх установах. «Мінімальныя змены» назіральнікі адзначаюць і ў сітуацыі з месцамі для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Напрыклад, у Ленінскім раёне Магілёва іх дазволена размяшчаць на інфармацыйных стэндах «на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання ў месцах, найбольш наведвальных грамадзянамі», а ў Кастрычніцкім раёне чамусьці ў гэтай частцы ўказана, што толькі «ў памяшканнях, дзе размешчаны ўчасткі для галасавання». Таксама ў пералік прадпрыемстваў, дзе можна размяшчаць агітацыйныя плакаты кандыдатаў, дадаліся прадпрыемствы сувязі, звычайна шматлюдныя.

Больш істотныя адрозненні назіральнікі адзначаюць адносна месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Па сутнасці, замест дакладна вызначаных месцаў ў 2014 годзе зараз агітацыйныя мерапрыемствы дазволена праводзіць практычна па ўсім горадзе. Праваабаронца Барыс Бухель распавядае на прыкладзе рашэння адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва:

«Рашэнні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва 2014-га і 2018-га гадоў адрозніваюцца прынцыпова. У 2014 годзе дзейнічаў прынцып "дазволена толькі тое, што дазволена" - і было дазволена толькі 14 месцаў у гэтым раёне горада. Зараз жа ўпершыню дзейнічае іншы прынцып - "дазволена ўсюды, дзе не забаронена". А забаронена толькі бліжэй за 50 метраў ад аб'ектаў чыгуначнага транспарту і будынка раённай адміністрацыі».

Паслабленьні адзначаюць і назіральнікі з іншых гарадоў Магілёўскай вобласці. Напрыклад, Яўген Чапурышкін з Бабруйска распавядае, што з цяперашняга рашэння Бабруйскага райвыканкама наогул не відаць, дзе забаронена праводзіць агітацыю ў раёне.

«Калі параўноўваць мясцовыя выбары 2014 года з цяперашнімі, то рашэнне Бабруйскага райвыканкама 2014 года называлася "Аб забароненых месцах для правядзення пікетавання і агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў", а ў гэтым годзе рашэнне райвыканкама называецца "Аб стварэнні ўмоў для правядзення перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання"».

Тым не менш, аб агітацыйнай актыўнасці як такой казаць не даводзіцца. Мала інфармацыі пра кандыдатаў у дэпутаты і ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, не публікуюцца іх праграмныя тэксты і практычна няма ніякай альтэрнатыўнай інфармацыі. Назіральнікі кажуць пра адсутнасць улётак ад імя партый ці іншых альтэрнатыўных кандыдатаў. Сярод незалежных газетаў, якія асвятляюць хаду выбарчай кампаніі, адзначаюць толькі крычаўскую - "Вольны горад". З інтэрнэт-сайтамі і ў сацыяльных сетках непасрэдныя ўдзельнікі выбарчага працэсу таксама не працуюць.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»


Каментары