Гомель: кандыдаты ад АГП правялі сумесны перадвыбарчы пікет
10 лютага 2018 года ў Гомелі прайшоў сумесны перадвыбарчы пікет чатырох кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Планаваная сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі прайшла практычна ў цэнтры города на адкрытай пляцоўцы перад універмагам “Гомель”.
Па ініцыятыве юрыста праваабарончага цэнтра “Вясна”, доўгатэрміновага назіральніка пры Гомельскай гарадской выбарчай камісіі Леаніда Судаленка, з мэтай аб’ектыўнай ацэнкі характару перадвыбарчага пікету, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў ходзе мерапрыемства праводзіўся маніторынг.
І. Рэзюмэ:
Сумесны перадвыбарчы пікет быў узгоднены згодна з выбарчым заканадаўствам з адпаведнай адміністрацыяй раёну. Арганізатары пікету прытрымліваліся ўзгодненых часу і месца яго правядзення. Агульная колькасць удзельнікаў з улікам прахожых складала каля 20 чалавек. На ўсім працягу мерапрыемства насіла мірны характар, якіх-небудзь агрэсіўных заяў або дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана. Прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія павінны забяспечваць грамадскі парадак падчас правядзення масавых мерапрыемстваў заўважна не было. Ад пачатку акцыі на ёй пастаянна прысутнічаў і ажыццяўляў відэаздымку аператар абласнога тэлебачання. Перашкод працы прадстаўнікам СМІ не зафіксавана, прысутнічаючыя на акцыі журналісты і блогеры вялі ў сацыяльных сетках прамыя стрымы з перадвыбарчага пікету. Прысутнічаючыя на пікеце кандыдаты ў дэпутаты Кастусь Жукоўскі, Мікалай Новікаў, Кірыл Сінельнікаў і Максім Філіповіч да выбаршчыкаў звярталіся праз мегафон.
Высновы:
На ўсім працягу перадвыбарчы пікет (з 13.00 да 14.30) насіў мірны характар. З боку ўдзельнікаў не назіралася агрэсіўных дзеянняў цi заклікаў да іх. Фармат і месца мерапрыемства адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства.
ІІ. Ход пікету:
Падчас перадвыбарчага пікету была выкарыстаная расцяжка: “Не быць скотам”, планшэтка з перадвыбарчай праграмай кандыдата ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў па Мазуроўскай выбарчай акрузе №20 Кастуся Жукоўскага. Кандыдаты ў дэпутаты да выбаршчыкаў звярталіся і агучвалі свае лозунгі праз мегафон. На пікеце прысутнічала, але не прамаўляла яшчэ адзін кандыдат у мясцовыя дэпутаты ад кампаніі “Гавары Праўду” Юля Ганісеўская. Падчас акцыі таксама прысутнічаў намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў. Праходзячыя міма гараджане прыпыняліся ды выказвалі сваё стаўлення да выбарчай кампаніі, калі іх прыпынялі і запытвалі журналісты.
III. Рэкамендацыі:
Арганізатарам:
- Прадастаўляць у публічны доступ копіі ўзгадненняў аб правядзенне перадвыбарчых пікетаў. Дадзеная мера дазволіць выбаршчыкам ведаць аб тым, што маючае адбыцца мерапрыемства з’яўляецца санкцыянаваным, а гэта значыць смялей прыходзіць на такія акцыі дзеля публічнага абмеркавання пытанняў, якія безумоўна закранаюць правы і свабоды кожнага грамадзяніна. .
- Пры ўдзеле ў перадвыбарчых пікетах абазначаць сябе добра адрознымі бэйджамі або апазнавальнымі знакамі з указаннем статусу "Арганізатар" ці “Кандыдат у дэпутаты”.
Выбарчым камісіям:
- Устрымлівацца ад вынясення кандыдатам у дэпутаты, якія праводзяць перадвыбарчыя пікеты ў грамадскіх месцах і якія агучваюць крытычныя заўвагі да ўлады пісьмовых папярэджанняў.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
- Дзеля прадухілення магчымага парушэння падчас перадвыбарчых пікетаў грамадскага парадку і забяспячэння бяспекі грамадзян, у тым ліку і дзеля перадухілення магчымых правакацый забяспечваць дзяжурства падчас мерапрыемстваў перадвыбарчага характару супрацоўнікаў міліцыі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" паводле "Гомельскай Вясны".