Мазыр: Па скарзе назіральніка ўнесеныя змены ў пералік памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі
Назіральнік у Мазырскай раённай выбарчай камісіі Уладзімір Целяпун звярнуў увагу на тую акалічнасць, што ў графіку сустрэч кандыдатаў у дэпутаты Мазырскага райсавета па Калектыўнай выбарчай акрузе №27 месцам сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатам Дз. Ранчынскім пазначана актавая заля ГУО "Сярэдняя школа №6 г. Мазыра".
Аднак, дадзеная выбарчая акруга знаходзіцца ў мікрараёне "Кастрычніцкі", а ў гэтым мікрараёне ёсць актавая зала ГУО "Сярэдняя школа №5".
“Навошта выбаршчыкам з Палескай перціся праз раку Прыпяць ў мікрараён "Зарэчны", каб там сустрэцца з прызначаным у дэпутаты кандыдатам, які, дарэчы, таксама пражывае па вул. Палескай?” – здзіўляецца назіральнік.
Паколькі, у адпаведнасці з рашэннем Мазырскага райвыканкама ад 29.12.2017 № 2119 у Дадатку №1 “Пералік памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання, іх давераных асоб з выбршчыкамі” актавая заля ГУО "Сярэдняя школа №5" не пазначана, назіральнік накіраваў электронны зварот на імя старшыні Мазырскай раённай выбарчай камісіі М. Пашынскага, у якім адзначае, што памылкі ў прадастаўленні інфармацыі ня толькі яму, як назіральніку, але і выбаршчыкам, сведчаць аб неахайным выкананні сябрамі раённай выбарчай камісіі сваіх абавязкаў, просіць разабрацца ў сітуацыі і больш уважліва ставіцца да інфармавання выбаршчыкаў і ўскладзеных на іх абавязкаў.
На зварот назіральніка былі прынятыя змяненні ў рашэнне райвыканкама, згодна з якімі ў пералік памяшканняў для правядзення перадбыварчых сустрэч былі ўключаны усе актавыя залі усіх 16 школаў Мазыра.