Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Галіна Каржанеўская патрабуе ўзнавіць яе ў статусе кандыдата ў дэпутаты

Пікет Галіны Каржанеўскай. Фота: bchd.info
Пікет Галіны Каржанеўскай. Фота: bchd.info

Галіна Каржанеўская, якая балатавалася ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатў па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33 (па тай самай, што і старшыня Мінгарсавету Васіль Панасюк) і якую Фрунзенская раённая выбарчая камісія зняла з выбараў 13 лютага, падала ў Менскую гарадскую камісію скаргу на зняццё яе з выбараў.

Як паведамляе прэс-служба Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, гэтае рашэнне яна назвала незаконным і неабгрунтаваным.

У скарзе Галіна Каржанеўская адзначае, што першае папярэджанне камісія вынесла 2 лютага за размяшчэнне плакату без выходных дадзеных. Але выраб друкарскім салонам плакату быў аплочаны за кошт сродкаў выбарчага фонду, а яго ўзор быў яшчэ 28 студзеня перададзены ў Фрунзенскую раённую выбарчую камісію. Да 1 лютага да плакату ніякіх прэтэнзій з боку камісіі не паступала, «ананімны плакат» для выпраўлення памылкі ёй не вярталі.

Датычна другога папярэджанне, вынесенага за распаўсюд газеты «Народная воля», актывістка заявіла, што асабіста ніякай друкаванай прадукцыі не распаўсюджвала, а спасылка камісіяй на розныя сайты незаконная, бо яны не з'яўляюцца яе персанальнымі. «Таксама ў сваім рашэнні камісія спасылаецца на нейкую ананімную заяву», - адзначыла яна.

У сувязі з гэтым Галіна Каржанеўская просіць Мінскі выбаркам прызнаць неабгрунтаваным рашэнне аб зняцці яе з выбараў і ўзнавіць у якасці кандыдата ў дэпутаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”. 


Каментары