Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Агітацыя за праўладных кандыдатаў адбывалася за кошт дзяржавы, - лічаць у кампаніі “Права выбару-2018”

Лагатып кампаніі "Права выбару".
Лагатып кампаніі "Права выбару".

Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2018” распаўсюдзіла інфармацыю аб падвядзенні  вынікаў агітацыйнай кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання.

Партыйныя назіральнікі прыйшлі да высновы, што адмова ад дзяржаўнага фінансавання агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты пасля зменаў у Выбарчым кодэксе ў 2013 годзе сказалася ў першую чаргу на дэмакратычных кандыдатах. Магчымыя негатыўныя наступствы ўстрымлівалі камерцыйныя арганізацыі, не кажучы ўжо пра дзяржаўныя, ад фінансавання выбарчых кампаній апазіцыйных альбо проста незалежных кандыдатаў. Вынікам гэтага стала дастаткова нязначная колькасць інфармацыйных матэрыялаў, што значна ўскладніла знаёмства выбаршчыкаў з кандыдатамі і ў сваю чаргу скараціла магчымасці для свядомага выбару.

“Права выбару-2018” адзначае таксама закрыты характар фарміравання выбарчых фондаў. Яны лічаць, што інфармацыя аб паступленні сродкаў у фонды кандыдатаў не была публічнай. У агітацыі актыўны ўдзел бралі праўладныя арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэта (БРСМ, Белая Русь, Федэрацыя прафсаюзаў і г.д). Адбывалася агітацыя ў падтрымку праўладных кандыдатаў праз працоўныя калектывы і арганізацыі, куды не маглі патрапіць дэмакратычныя кандыдаты.

Матэрыялы дэмакратычных кандыдатаў падвяргаліся рэдагаванню. Акруговымі камісіямі ўжываліся маніпуляцыі з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў, а таксама фотаздымкамі, якія прадастаўляліся кандыдатамі.

Адзначана таксама, што праўладныя кандыдаты ў дэпутаты праводзілі сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і школаў, а дэмакратычныя аддавалі перавагу вулічным пікетам. Толькі некаторыя дэмакратычныя кандыдаты скарысталіся сваім правам на сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканнях, аднак і яны не былі масавымі.

З поўным тэкстам справаздачы кампаніі “Права выбару-2018”  аб выніках агітацыйнай кампаніі  можна азнаёміцца па спасылцы.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары