Назіральнік просіць ЦВК спыніць дзеянні службовых асоб па прымусу студэнтаў да ўдзелу ў выбарах
Назіральнік Зміцер Салаўёў накіраваў электронны зварот на адрас Цэнтральнай выбарчай камісіі, у якім просіць прыняць неадкладныя меры па спыненні дзенняў службовых асобаў па прымусу студэнтаў да ўдзелу ў мясцовых выбарах.
Ён паведамляе, што зарэгістраваны ў Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Маскоўскага раёна г. Мінска па выбарах у Мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання і 9 лютага звярнуўся з заявай непасрэдна ў камісію па факту парушэння артыкула 5 Выбарчага кодэксу.
Падставай для звароту паслужыла інфармацыя, змешчаная ў сродках масавай інфармацыі (сайт газеты “Наша Ніва”, а таксама ў сацыяльных сетках) аб тым, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце “камандзір студэнцкай службы бяспекі БДУ” Максім Шалюта робіць заклікі да студэнтаў абавязкова прыняць удзел у датэрміновым галасаванні (прагаласаваць абавязкова 13.02.2018 – у першы дзень датэрміновага галасавання).
Аднак гэтая заява назіральніка была вернутая поштай з адказам, што падобныя пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю Тэрытарыяльнай камісіі.
Зміцер Салаўёў лічыць дзеянні Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Маскоўскага раёна г. Мінска неправільнымі і просіць ЦВК разгледзець яго зварот па сутнасці і прыняць неадкладныя меры па спыненні дзеянняў службовых асобаў па прымусу студэнтаў да ўдзелу ў выбарах.