Берасце: Правядзенне выбараў праходзіць таемна ад грамадзкасці
Ч. 1 арт. 13 Выбарчага кодэксу замацоўвае, што выбары адбываюцца адкрыта і галосна. 17 студзеня назіральнік з Берасця Уладзімір Вялічкін звярнуўся да сакратара УВК 75 Алы Дзмітрук з просьбай прадаставіць яму пратаколы аб датэрміновым галасаванні.
Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", яму прадаставілі пратакол за 16 лютага. Прадаставіць пратаколы аб галасаванні за папярэднія дні (13, 14 і 15 лютага) адмовіліся.
Ала Дзмітрук пасля тэлефоннай кансультацыі са старшынём камісіі, давяла назіральніку, што прадастаўленне пратаколаў аб датэрміновым галасаванні “не прадугледжана заканадаўствам”.
Прысутны член камісіі Сяргей Мілюк заявіў, што прадастаўленне пратаколаў аб датэрміновым галасаванні “не ўваходзіць у абавязкі члена камісіі”.
Апроч таго выявілася, што старшыня камісіі Раман Гранічны з’яўляецца дырэктарам навучальнай ўстановы, на тэрыторыі якой знаходзіцца выбарчы участак, камісію якога ён узначальвае, і вышэйзгаданыя члены знаходзяцца ў ягоным непасрэдным падпарадкаванні па месцы працы.
Назіральнік лічыць, што ў дадзеным выпадку парушаецца прынцып “адкрытасці і галоснасці” выбараў, замацаваны ў Выбарчым Кодэксе і гарантаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, што старшыня камісіі Гранічны Раман Іванавіч не мае права каментаваць выбарчае заканадаўства, абавязаны яго выконваць, а не сабатаваць.
“Мала таго, што падчас гэтых выбараў практычна няма выбару, то ўлады падсунулі кандыдатамі прадстаўнікоў “шляхетных” прафесій настаўнікаў і лекараў, якія замест таго, каб вучыць і лячыць, будуць адпрацоўваць абяцаную падвышку заробкаў. Але гэта толькі абяцанкі, каб іх матываваць. Я нешта не памятаю, каб хоць адно абяцанне ўладаў здзейснілася”, - кажа Уладзімір Вялічкін.