Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слова за Генпракуратурай: сябрам выбарчых камісій ад “Справядлівага свету” не дазваляюць знаёміцца з дакументамі

Сяргей Калякін.
Сяргей Калякін.

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін звярнуўся са скаргамі ў Генеральную пракуратуру Беларусі і ЦВК па прычыне фальсіфікацыі яўкі выбаршчыкаў на выбарчым участку  №11 г. Рагачова і спробах запалохаць сябраў камісіі ад партыі.

З тэксту скаргі, якую палітык змясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку вынікае наступнае:

"15 лютага 2018 гадоў ў 13.00 член участковай выбарчай камісіі № 11 Рагачоўскага раёна сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Святлана Разумава  падлічыла па часопісе выдачы бюлетэняў колькасць тых, хто прагаласаваў на ўчастку. Такіх аказалася 97 чалавек. У той жа час у пратаколах участковай выбарчай камісіі пазначана, што за 13 і 14 лютага 2018 года на участку прагаласавала 204 чалавекі.

Разумава С.В. звярнулася па тлумачэнні да старшыні участковай выбарчай камісіі Вольгі Ражковай і атрымала адказ: «Вы не назіральнік, а сябра камісіі і павінны выконваць указанні райвыканкама. Выканкам даў заданне павялічыць колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова".

16 лютага 2016 года ў 16.00 сябра ўчастковай камісіі № 11 Рагачоўскага раёна сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Мікалай Мельнікаў звярнуўся да старшыні ўчастковай камісіі Наталлі Дзегелевіч з просьбай азнаёміцца ​​з дакументамі і матэрыяламі камісіі. Аднак у парушэнне часткі 5 артыкула 37 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь старшыня камісіі адмовіў члену камісіі ў ягоным праве знаёміцца ​​з дакументамі і матэрыяламі ўчастковай камісіі. Больш за тое, старшыня запатрабавала, каб сябра камісіі пакінуў выбарчы ўчастак, пагражаючы, што ў адваротным выпадку яго выдаляць з прыцягненнем работнікаў міліцыі.

З мэтай спынення парушэння заканадаўства і аднаўлення сваіх законных правоў як члена выбарчай камісіі Мельнікаў Н Ф. звярнуўся да службовых асоб Пракуратуры і выканкама Рагачоўскага раёна. Аднак, ніякіх мер з іх боку па спыненні парушэння закона прынята не было".

Сяргей Калякін просіць Генпракуратуру прыняць меры па спыненні парушэння заканадаўства і аднаўленні законнасці, паколькі ў дзеяннях службовых асоб выбарчай камісіі № 11 Рагачоўскага раёна угледжваюцца відавочныя прыкметы злачынства, за якія прадугледжаная крымінальная адказнасць, у прыватнасці артыкулам 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары