Як нейтралізаваць незалежнага назіральніка? Парады з Гомеля
Назіранне за назіральнікамі з боку іншых назіральнікаў практыкуецца на выбарчых участках ў Гомелі.
Гомельскі незалежны назіральнік Віктар Адзіночанка сфатаграфаваў цікавыя бланкі, якія сябры ўчастковай камісіі №22 Спартакаўскай выбарчай акругі № 19 г. Гомеля выдалі назіральнікам, якія прадстаўляюць праўладныя партыі і грамадскія арганізацыі. Магчыма, гэтыя заявы можна скарыстаць, каб уплываць на незгаворлівых назіральнікаў.
"Мною было ўстаноўлена, што назіральнік ад.... рэгулярна знаходзіўся каля стала выдачы бюлютэняў, вылучаў прэтэнзіі ўчастковай камісіі і прапаноўваў свае рэкамендацыі", - пазначана ў бланку заявы.
Наяўнасць бланкаў такіх заяў, верагодна, павінна выконваць ролю своесаблівага буфера па стрымліванню дзейнасці асабліва прынцыповых назіральнікаў па выяўленні парушэнняў пад час галасавання і падліку галасоў на выбарчых участках.
Дарэчы, формы падобных бланкаў ні Выбарчым заканадаўствам, ні пастановамі ЦВК не прадугледжаныя.