Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Фактам цэнзуравання выступу кандыдата зоймецца крымінальная міліцыя

Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info
Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info

Былы кандыдат у дэпутаты па 28-й Барысаўскай цэнтральнай выбарчай акрузе Аляксандр Абрамовіч пад час сваёй перадвыбарчай агітацыі сутыкнуўся з праявамі палітычнага цэнзуравання ягонага выступу з боку кіраўніцтва радыёстанцыі “Мінская хваля”.

Нагадаем, кандыдат у дэпутаты Аляксандр Абрамовіч выкарыстаў прадстаўленую яму, як кандыдату, магчымасць выступіць са сваёй троххвіліннай праграмай на радыё. Ён звярнуўся да дырэктара радыёстанцыі «Мінская хваля» Тамары Вяцкай.

Выступ кандыдата быў запісаны ў студыі, але потым Вяцкая настойліва парэкамендавала зняць частку выступу, які, па яе меркаванні, не можа прагучаць у радыёэфіры.

У частцы сваёй выбарчай праграмы кандыдат, заклікаючы да аднаўленні парадку на Міншчыне, гаворыць аб магчымасці азнаямлення з некаторымі афіцыйнымі дакументамі дзейнасці Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання:

“…у прыватнасці, шляхам уважлівага азнаямлення з заключэннем Спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета РБ 13-га склікання па прававой ацэнцы дзеянняў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”.

Відавочна, што ўрывак з выступу  кандыдата не ўтрымлівае заклікаў да вайны, гвалту або выступленняў на карысць расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку або здароўю і маральнасці насельніцтва – усіх тых выказванняў, якія падпадаюць пад паняцце дапушчальных абмежаванняў свабоды выказвання меркавання.  Менавіта таму гаворка тут можа весціся пра палітычнае цэнзураванне тэксту выступу кандыдата з боку кіраўніцтва “Мінскай хвалі”.

Аляксандр Абрамовіч напісаў электронны зварот ў Пракуратуру Мінскай вобласці з просьбай правесці праверку і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці кіраўніцтва “Мінскай хвалі”. Пракуратура перанакіравала скаргу начальніку крымінальнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама:

“Накіроўваецца для разгляду электронны зварот кандыдата ў дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Абрамовіча А.М. па пытаннях правядення праверкі i прыцягнення да крымінальнай адказнасці службовых асоб УП «Мінская хваля» у сувязі з парушэннямі выбарчага заканадаўства. Аб прынятым рашэнні прашу паведаміць заяўніку”.


“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары