Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзяніс Турчаняк спрабуе абскардзіць “сакрэтнасць” інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў у Брэсце

Дзяніс Турчаняк. Фота - "Радыё Рацыя"
Дзяніс Турчаняк. Фота - "Радыё Рацыя"

Былы кандыдат у дэпутаты з Берасця Дзяніс Турчаняк падаў прыватную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Брэсцкага аблсуда. Ён просіць адмяніць вызначэнне суда Маскоўскага раёна, згодна з якім яму было адмоўлена ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе на бяздзеянне адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.

Сутнасць справы ў тым, што каардынатар суполкі Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк, які балатаваўся кандыдатам па Берасцейскай выбарчай акрузе №17, яшчэ пад час выбарчай кампаніі звярнуў увагу, што колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання, не адпавядае рэчаіснасці.

Так, перад пачаткам выбараў, Брэсцкая гарадская выбарчая камісія агучыла, што ў абласным цэнтры 223 546 выбаршчыкаў. Аднак, пасля завяршэння выбараў, па падліках кандыдата ў дэпутаты, заснаваным на атрыманым адказе з галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці і іншых адкрытых крыніцах, выбаршчыкаў у Брэсце 271 387, гэта значыць на 47 841 больш афіцыйных дадзеных.

Акрамя гэтага, Дзяніс Турчаняк высветліў, што ў склад некаторых выбарчых акругаў ўключылі адміністрацыйныя будынкі, нежылыя хаты ці дамы, якіх ужо няма.

Былы кандыдат у дэпутаты звярнуўся ў Брэсцкі гарвыканкам і адпаведныя выбарчыя камісіі, каб высветліць, колькі выбаршчыкаў налічваецца ў кожным доме ў ягонай акрузе, паколькі блытаніца пачалася менавіта са “згубленых” дамоў з выбарцамі. Інфармацыю яму прадстаўляць адмовілі.

Затым Тучаняк звярнуўся ў суд. Вызначэннем суддзі суда Маскоўскага раёна г. Брэста ад 7 сакавіка 2018 года яму было адмоўлена ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе на бяздзеянне адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста.

Суд адказаў заяўніку, што праваадносіны па ягонай скарзе грамадзянска-працэсуальным заканадаўствам не рэгулююцца, паколькі парадак азнаямлення грамадзян са спісамі грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах і парадак падачы скаргаў на правільнасць ў спісах вызначаны арт.21 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

На думку Турчаняка, суд няправільна вызначыў, што прадметам скаргі было парушэнне ягонага права на азнаямлення грамадзян са спісамі грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах і падачу скаргі на правільнасць ў спісах, а таму прыйшоў да няслушных высноваў аб яе непадведамаснасці.

“Я абскардзіў зусім іншае: бяздзейнасць дзяржаўнага органа –  Брэсцкага гарвыканкама, а менавіта - адмову даць інфармацыю пра колькасць паўнагадовых грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў кожным доме, які ўваходзіць у склад выбарчай акругі №17 па стане на дзень выканання запыту і спісу адрасоў дамоў, якія ўваходзяць у склад гэтай выбарчай акругі”, –  паведамляе ў сваёй прыватнай скарзе Дзяніс Турчаняк.

Ён лічыць, што сваёй адмовай прадставіць інфармацыю Брэсцкі гарвыканкам парушыў права, прадастаўленае артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя.

 “Запытаная мной інфармацыя пра колькасць дамоў і іх адрасах, якія ўваходзяць у склад выбарчай акругі №17 у г. Брэсце, а таксама пра колькасць выбаршчыкаў, зарэгістраваных у гэтых дамах, з'яўляецца адкрытай і агульнадаступнай на падставе артыкула 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна", - слушна мяркуе Дзяніс Турчаняк.

 

Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, разгляд скаргі Дзяніса Турчаняка на адмову Брэсцкай ГВК у прадстаўленні інфармацыі аб парадку фармавання спісу выбаршчыкаў, прызначаны на 19 сакавіка 2018 года.

Калегія абласнога суда пад старшынством суддзі А. Хоцька пастанавіла пакінуць рашэнне суда Маскоўскага раёна г. Брэста ад 7 сакавіка 2018 года без зменаў, а прыватную скаргу Турчаняка без задавальнення.


Каментары