Бярозаўскі раённы суд не задаволіў скаргу на неўключэнне Тамары Шчапёткінай у ТВК
28 лістапада ў судзе Бярозаўскага раёна адбыўся разгляд скаргі дзесяці выбаршчыкаў, якія шляхам падачы заявы вылучылі Тамару Шчапёткіну ў склад Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі. Выбаршчыкі абскарджвалі неўключэнне іх вылучэнкі ў камісію, а таксама парушэнні, здзейсненыя падчас яе фармавання.
Выбаршчыкаў абурыла тое, што галасаванне за кандыдатаў у склад ТВК праводзілася не персанальна па кожнай кандыдатуры, як тое патрабуе заканадаўства (Пастанова ЦВК №36), а па агульным, ужо сфарміраваным кімсьці спісе, у які прадказальна не ўвайшла Тамара Шчапёткіна.
На судовым паседжанні прысутнічалі прадстаўнік Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і райвыканкаму Глеб Лаўрыновіч і начальнік аддзелу кадравай працы райвыканкаму Віталь Мшар. Яны пацвердзілі, што персанальнага галасавання праведзена не было. Але, на іх думку, у персанальным галасаванні проста не было патрэбы. А невыкананне пункта 9 Пастановы ЦВК №36 прадстаўнікі райвыканкаму не лічаць парушэннем заканадаўства, бо, як высветлелася, гэтая пастанова не зарэгістраваная ў рэестры нарматыўна-прававых актаў і таму носіць “рэкамендацыйны характар”.
Прадстаўнік пракуратуры, старэйшы памочнік пракурора Юрый Пракапчук, а следам за ім і суддзя Наталля Вакульчык таксама не ўбачылі парушэння ў неправядзенні персанальнага галасавання і таму не задаволілі скаргу выбаршчыкаў.
Трэба адзначыць, што ўпершыню судовае паседжанне ў Бярозе прайшло на беларускай мове.