Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебская вобласць: 39 з 60 акруговых выбаркамаў утвораны на безальтэрнатыўнай аснове

Мапа Віцебскай вобласці
Мапа Віцебскай вобласці

У Віцебску 4 снежня адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума аблсавета і аблвыканкама па фармаванні акруговых выбарчых камісій (АВК) па выбарах дэпутатаў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання. У выніку было сфарміравана 60 АВК.

Паводле інфармацыі назіральніка, 39 камісій былі сфармаваныя на безальтэрнатыўнай аснове. У 11-ці з іх будуць працаваць па 13 сябраў, у 4-х - па 12, у 18-ці - па 11 і ў 6-ці - па 10. 22 камісіі засталіся без прадстаўнікоў палітычных партый.

Альтэрнатыўныя камісіі было вырашана сфармаваць з максімальна магчымай колькасцю сябраў - па 13 чалавек.

За месцы ў альтэрнатыўных камісіях, якіх налічвалася 21, разгарнулася «барацьба». У выніку «барацьбы» 7 камісій засталіся беспартыйнымі, нягледзячы на ​​тое, што ў іх вылучаліся прадстаўнікі ПБНФ і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Як адзначае назіральнік, старшынюючы на пасяджэнні аб'яўляў невядома кім падрыхтаваныя характарыстыкі ў дачыненні да кожнай камісіі: напрыклад, «вылучаны ўсе годныя грамадзяне, якія здольны паспяхова выканаць пастаўленыя задачы». Прысутным не забаранялася даваць дадатковую характарыстыку сваім вылучэнцам. Якім чынам з усіх годных выбіралі самых годных, зразумець не ўдалося.

Па ўсіх 749-і вылучаных у склад камісій кандыдатурах галасаванне "за" ці "супраць" было адзінагалосным.

У склад камісій увайшлі: 100% вылучаных ад працоўных калектываў, КПБ, ЛДПБ, РППС, Белай Русі, БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і іншых праўладных арганізацый, 19% ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", 46% ад БНФ, 0% ад АГП, 99,5% ад грамадзянаў (гл. табліцу ў дадатку).

Як вынік - фармальна акруговыя выбаркамы ўкамплектаваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам: у іх не ўвайшлі суддзі і пракуроры, дзяржслужачыя не перавышаюць 1/3 складу камісій, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў складаюць больш за 1/3 ад складу камісій.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў склад 60 камісій быў вылучаны 221 прадстаўнік ад грамадзянаў шляхам падачы заявы. 220 прэтэндэнтаў уключаны ў камісіі і толькі адзін - не. Гэтым адным апынуўся праваабаронца БХК Павел Левінаў, якому на папярэднім этапе адмовілі ва ўключэнні ў Віцебскую гарадскую выбарчую камісію.

 «Праваабаронцы за свабодныя выбары»


Каментары