Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Рубрыкі “Выбары-2018” на сайтах выканкамаў. Што з імі не так?

Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з розных рэгіёнаў, прааналізаваўшы змест раздзелаў “Выбары-2018” на афіцыйных сайтах выканаўчых камітэтаў рознага узроўню, адзначаюць тры найбольш распаўсюджаныя недахопы ў працэсе інфармавання насельніцтва пра правядзенне кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання.

Несвоечасовае з’яўленне інфармацыі

На сайтах некаторых райвыканкамаў абвесткі пра будучыя паседжанні сфармаваных выбарчых камісій з’яўляліся несвоечасова. Так, на сайце Светлагорскага райвыканкама паведамленне пра маючае адбыцца 24.11.2017 у 17.00 паседжанне раённай выбарчай камісіі з’явілася пасля 16.00 таго ж дня, то бок менш чым за гадзіну да пачатку паседжання. І гэта пры тым, што, згодна з патрабаваннем ЦВК, такія звесткі мусяць з’яўляцца на сайце не менш, чым за дзень да паседжання. На сайце Аршанскага райвыканкама па першым часе абвесткі пра паседжанні камісій таксама публікаваліся несвоечасова, фактычна за пару гадзін да іх пачатку. А на сайце Мазырскага райвыканкама ўвогуле інфармацыя пра паседжанне па фармаванні раённай камісіі і пра першае паседжанне гэтай створанай камісіі, якія адбыліся 24 лістапада, з’явілася толькі 27 лістапада і адразу была змешчаная ў рубрыку “папярэднія абвесткі”.

Адсутнасць інфармацыі на беларускай мове

Раздзел “Выбары-2018” практычна на ўсіх сайтах гарадскіх і абласных выканкамаў вядзецца толькі на рускамоўных версіях сайтаў. На беларускамоўных версіях, якія маюць далёка не на ўсе сайты выканкамаў, банера з надпісам “Выбары-2018” няма. Выключэннем з’яўляюцца сайты Магілёўскага гарвыканкама і Магілёўскага аблвыканкама, дзе інфармацыя пра ход выбарчай кампаніі рэгулярна з’яўляецца і на беларускай мове. 

Наш назіральнік Гродна Віктар Сазонаў адзначае, што з праблемай адсутнасці інфармацыі па выбарах на сайтах выканкамаў на беларускай мове ён сутыкаецца падчас кожнай выбарчай кампаніі.  На леташніх парламенцкіх выбарах толькі пасля скаргаў у ЦВК раздзел “Выбары” нарэшце з’явіўся на беларускамоўнай версіі сайта, аднак самі паведамленні з рускай мовы на беларускую так ніхто і не перакладаў.

Адсутнасць спасылак на сайт “Беларусбанка”

Згодна з Пастановай Цэнтрвыбаркама №39, на сайтах выканаўчых камітэтаў у раздзеле “Выбары” абавязкова павінна быць размешчана спасылка на сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама на сайт АТ “Беларусбанк” дзеля атрымання інфармацыі аб спецыяльных выбарчых рахунках кандыдатаў у дэпутаты. Аднак калі спасылкі на сайт ЦВК там знайсці магчыма, то са спасылкамі на сайт “Беларусбанку” справа ідзе інакш. Пераважная большасць выканкамаў праігнаравалі гэтае патрабаванне ЦВК. Фактычна сярод гарвыканкамаў і аблвыканкамаў спасылкі на “Беларусбанк” размясцілі толькі сайты Берасцейскага аблвыканкаму і Магілёўскіх абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары