Маладэчна: Інфармацыю пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп і і назіральніку не кажуць, і не публікуюць на сайце
На паседжанні Маладзечанскай раённай выбарчай камісіі 7 снежня разглядаліся заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы.
Па інфармацыі старшыні камісіі Святланы Юрчык, на разгляд паступіла дзесяць заяў ад кандыдатаў, па кожнай заяве было галасаванне аб рэгістрацыі. Усе дзесяць ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя. Трое кандыдатаў, якія прысутнічалі на паседжанні, адразу атрымалі пасведчанні аб рэгістрацыі і падпісныя лісты. Сярод гэтай дзесяткі кандыдатаў сваю ініцыятыўную групу па Хажоўскаму выбарчаму ўчастку №30 зарэгістраваў дзеючы старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч.
Яшчэ дзве ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя раней: пасведчанне аб рэгістрацыі 29 лістапада атрымала група кандыдыта Валянціна Цішко, а 1 снежня – Міхаіла Валынца.
Пасля таго як скончылася паседжанне, назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары" Эдуард Баланчук звярнуўся да Святланы Юрчык з пытаннем удакладніць прозвішчы кандыдатаў, чые ініцыатыўныя групы былі зарэгістраваныя, аднак тая адказала, што, маўляў, заўтра да абеду ўсё ў будзе размешчана на сайце райвыканкама, аднак рашэння няма нават па стане на 10 снежня. Такая вось аператыўнасць камісіі!
Засталося практычна без адказу і пытанне аб колькасці зарэгістраваных назіральнікаў.
“Ну што тут зробіш, – адзначае назіральнік, – палюбілася такая “традыцыя” Маладзечанскай раённай выбарчай камісіі - не даваць інфармацыю незалежным назіральнікам і, як кажуць беларусы, хоць ты ім кол на галаве чашы, яны ўсё стаяць на сваім”.