Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бяроза: сябра АГП Аляксандр Кабанаў нагадаў пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыю выбараў

Аляксандр Кабанаў
Аляксандр Кабанаў

12 снежня ў Бярозе раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў зарэгістравала першыя 13 ініцыятыўных груп выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Як сведчыць незалежны назіральнік Сяржук Русецкі, тры з гэтых 13 ініцыятыўных груп - гэта групы прадстаўнікоў партый АГП (Аляксандр Кабанаў), БХД (Валер Билибуха) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Таццяна Тарасевіч).

У гэты ж дзень акруговая выбарчая камісія Бярозаўскай выбарчай акругі №24 па выбарах дэпутатаў Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, куды ўваходзіць большая частка горада Бярозы, зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы. 

Адна з іх - група сябра Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, актыўнага ўдзельніка вясновых акцый пратэсту супраць Дэкрэту №3 Аляксандра Кабанава. Другая - група дзейснага дэпутата абласнога Савету дэпутатаў, начальніка Бярозаўскага раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Пятроўскага.

Дарэчы, падчас рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы Аляксандр Кабанаў звярнуўся да сябраў акруговай камісіі з просьбай дапамагчы азнаёміць сябраў участковых камісій з артыкулам Крымінальнага кодэксу РБ, у якім прапісаная адказнасць за фальсіфікацыю выбараў і які ня мае тэрміну даўніны. На што сябры акруговай камісіі адказалі, што падумаюць і індывідуальна пазнаёмяцца з артыкулам пра крымінальную адказнасьць. А намеснік раённай выбарчай камісіі паведаміў, што інфармацыя пра гэты артыкул уключана ў метадычныя дапаможнікі ЦВК для раённых і ўчастковых камісіяў, і ўсе сябры камісій могуць з імі азнаёміцца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары