Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Толькі 29 ініцыятыўных груп па Гарадзеншчыне прадстаўляюць дэмакратычную апазіцыю

Па ўсёй Гарадзенскай вобласці агульная колькасць ініцыятыўных груп, якія падавалі дакументы на рэгістрацыю ў абласную, гарадскую, раённыя, сельскія выбарчыя камісіі склала 1942. Пры гэтым толькі 29 з іх, якія былі зарэгістраваны, выступаюць за вылучэнне прадстаўнікоў дэмакратычнага блоку, што складае менш за 1,5%.

З гэтых 29 груп 14 – гэта прадстаўнікі партыі “Беларускі народны фронт”, 5 – ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, 6 – ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 2 – ад “Гавары праўду!” і 2 ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.

Прадстаўнікі БХД прэтэндуюць на месцы ў абласны (Яўген Дудкін - Альшанская ВА №13), гарадскі (Ганна Фешчанка - Спартыўная ВА №19, Яўген Дудкін - Агінская ВА №23), Слонімскі раённы (Міхаіл Сошка - Брэсцкая ВА №7, Алесь Масюк - Заходняя ВА №15) Саветы дэпутатаў.

Ад партыі БНФ больш за ўсё ініцыятыўных груп зарэгістравалася па Лідскім раёне. Гэта 10 груп з агульных 14 ад БНФ. Адна група фігуруе ў спісе зарэгістраваных па Слонімскім раёне, яшчэ адна, група ў падтрымку Вадзіма Саранчукова, зарэгістравана ў Гарадзенскай гарадской ТВК.

Вылучэнцы ад АГП будуць змагацца за месцы ў Астравецкім райсавеце (1 група), у Гарадзенскім аблсавеце (2 групы) і ў гарадскім Савеце Гродна (3 групы).

Ініцыятыўныя групы двух вылучэнцаў ад “Гавары праўду!” зарэгістраваныя ў Гарадзенскай гарадской камісіі (Дзмітрый Бандарчук і Сяргей Двурэчэнскі).

2 ініцыятыўныя групы ад БПЛ “Справядлівы свет” – у абласной выбарчай і Слонімскай раённай камісіях.

Калі глядзець асобна па прэтэндэнтах на месцы ў абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў, то сітуацыя наступная. У гарсавет з 48 зарэгістраваных ініцыятыўных груп 6 прадстаўляюць дэмакратычны блок (12,5%). У абласны Савет, дзе 68 ініцыятыўных груп падалі свае заяўкі на рэгістрацыю (канчатковую лічбу менавіта зарэгістраваных абласны выканкам пакуль назваць не можа), толькі 4 групы выступаюць за вылучэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.           

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"                                                                                                                  


Каментары