Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бяроза: тры з чатырох прадстаўнікоў БНФ уключылі ў УВК. Тамары Шчапёткінай зноў адмовілі

Паседжанне Бярозаўскага райвыканкама 03.01.2018. Фота "Радыё Рацыя"
Паседжанне Бярозаўскага райвыканкама 03.01.2018. Фота "Радыё Рацыя"

3 студзеня на пасяджэнні Бярозаўскага райвыканкама былі ўтвораныя ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Паседжанне, якое вёў старшыня райвыканкаму Леанід Мартынюк, цягнулася каля паўтары гадзіны.

У склад УВК былі вылучаныя прадстаўнікі ад раённых арганізацый праўладных грамадскіх аб’яднанняў («Белая Русь», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчын», «Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў», «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», «Беларускі фонд міру», «Беларускі саюз афіцэраў», Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа), афіцыйных галіновых прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, дзяржаўных і іншых устаноў культуры, ад структурных аддзяленняў працоўных калектываў і ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў.

Адзінай палітычнай партыяй, якая вылучыла сваіх чатырох прадстаўнікоў ва УВК, сталася абласная арганізацыя партыі БНФ. Пры тым сябры партыі БНФ вылучаліся па тых выбарчых участках, дзе збіраюцца балатавацца прадстаўнікі іншых апазіцыйных партый: АГП — Аляксандр Кабанаў, БХД — Валер Білібуха (на ягонай выбарчай акрузе утвораныя два выбарчыя ўчасткі) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) —Таццяна Тарасевіч.

Пры стварэньні 40 з 41 УВК сябры Бярозаўскага райвыканкаму спачатку галасавалі за колькасны склад канкрэтнай УВК, а потым зачытваўся спіс з такой жа колькасцю прэтэндэнтаў: прозвішча, імя і імя па бацьку будучых сябраў УВК і шлях іх вылучэння. І затым спісам зацвярджаўся склад канкрэтнай УВК. Як адзначыў незалежны назіральнік Сяржук Русецкі, пытанне аб дзелавых і асабістых якасцях асобаў, якіх вылучылі ў склад УВК, на абмеркаванне не выносілася, хоць гэта і прапісана ў Пастанове ЦВК №36.

Такім жа чынам увайшлі ў склад УВК і тры прадстаўнікі абласной арганізацыі партыі БНФ з 4-х вылучаных: ва УВК выбарчых участкаў №10, №29 і №30.

І толькі пры фармаваньні УВК выбарчага ўчастка №3, дзе па Бярозаўскай-Тышкевіцкай выбарчай акрузе вылучаецца прадстаўнік АГП Аляксандр Кабанаў, на максімальны склад УВК з 19 сябраў быў вылучаны 21 прэтэндэнт.

Паводле Русецкага, адбылося фармальнае абмеркаванне гэтых прэтэндэнтаў і персанальнае галасаваньне па кожнай кандыдатуры. Двух прэтэндэнтак, якія “не маюць вопыту працы ў выбарчых камісіях” адзінагалосна не ўключылі ў склад УВК: вылучаную абласной арганізацыяй партыі БНФ Тамару Шчапёткіну і прадстаўніцу БРСМ Марыю Сіракову.

Нагадаем, што Тамара Шчапёткіна, якая мае вялікі досвед назірання за выбарамі як у Беларусі, так і за мяжой, ужо спрабавала трапіць у склад раённай выбарчай камісіі. Але вынік быў адмоўны. Грамадзяне, якія шляхам збору подпісаў вылучалі яе ў склад камісіі, накіравалі скаргу ў Бярозаўскі раённы суд, аднак той яе не задаволіў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары