УВК Маскоўскага раёна Брэста: ад партый - толькі адзін вылучэнец ад "Справядлівага свету"
На пасяджэнні па фармаванні УВК Маскоўскага раёна Брэста абмеркавання вылучаных асобаў не было. Прапанаваным у склад камісій асобам характарыстыкі не даваліся, месцы працы не называліся. З прэтэндэнтаў у склад УВК былі ўключаныя тыя, каго рэкамендавала “працоўная група” на чале з начальнікам аддзела ідэалогіі раёна Аляксандрам Залатухіным.
Паводле незалежнага назіральніка Уладзіміра Вялічкіна, які прысутнічаў на пасяджэнні, ідэолаг аргументаваў адмовы ва ўключэнне кандыдатаў ва УВК тым, што "па кімсьці няма звестак аб іх досведзе працы ў ВК, кагосьці не рэкамендуюць кіраўнікі па месцы працы, па кагосьці паступала інфармацыя, што прэтэндэнт у ВК будзе балатавацца кандыдатам у дэпутаты".
У выніку з 6 вылучэнцаў ад БСДП “Грамада” ніводны не трапіў у склад выбарчых камісій, хоць, па словах лідара берасцейскіх сацыял-дэмакратаў Ігара Маслоўскага, было ўвогуле вылучана 20 кандыдатаў па горадзе.
З 9 вылучэнцаў БПЛ “Справядлівы Свет” у склад УВК трапіў толькі адзін.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін адзначыў, што папрасіў азнаёміцца з матэрыяламі па вылучэнні ў склад УВК, але яму было адмоўлена.
"Сказалі, што законам не прадугледжана. "Вам пакажы - кепска. Не пакажы - таксама кепска", - сказала начальніца аддзела арганізацыйна-кадравай працы Аксана Дутчік. Яна хутка прагартала некалькі заяваў аб вылучэнні, немагчыма было разабраць што там напісана. "Там асабістыя звесткі," - адказала яна".
У выніку па Маскоўскім раёне Брэста было створана 88 участковых выбарчых камісій, у большасці з прадстаўнікоў праўладных арганізацый.