Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Бярозе зарэгістраваныя ўсе прэтэндэнты ў кандыдаты

Уручэнне пасведчання кандыдата Аляксандру Кабанаву. Фота - "Радыё Рацыя"
Уручэнне пасведчання кандыдата Аляксандру Кабанаву. Фота - "Радыё Рацыя"

Нягледзячы на пэўныя заўвагі, Бярозаўская раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў Бярозаўскага раённага Савета зарэгістравала ўсіх 46 кандыдатаў у дэпутаты на 27 выбарчых акругаў. Такім чынам восем вясковых акругаў будуць безальтэрнатыўнымі, а на астатніх 19 будзе па два кандыдаты.

У подпісах, сабраных трымя ініцыятыўнымі групамі, былі вызначаныя несапраўдныя подпісы: пяць подпісаў у намесніка старшыні Бярозаўскага райвыканкаму Яўгена Тарасюка, бо яны былі сабраныя ў выбаршчыкаў, што жывуць па-за межамі выбарчай акругі; чатыры подпісы - у апазіцыйнага кандыдата Валера Білібухі (БХД) і чатыры подпісы ў ваеннага пенсіянера Уладзіміра Сяргеева, бо сябры РВК палічылі, што даты подпісаў ў двух парах выбаршчыкаў (муж з жонкаю) былі пастаўленыя адною рукою (без графалагічнай экспертызы).

У пяці кандыдатаў былі адзначаныя памылкі ў дэклярацыях пра даходы, але яны не перавысілі вызначаныя 20% і не сталі перашкодаю для рэгістрацыі. У яшчэ чатырох у дэкларацыях не былі ўказаныя старыя аўтамабілі, якія кандыдаты даўно не маюць, аднак гэтыя аўто дагэтуль стаяць на ўліку і запісаныя на іх. Але кошт аўтамабіляў таксама не перавысіў 20% ад задэклараванага. Два кандыдаты маюць пагашаную судзімасць, інфармацыя пра якую будзе апублікаваная ў СМІ.

Акруговая выбарчая камісія Бярозаўскай выбарчай акругі № 24 па выбарах дэпутатаў Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, куды ўваходзіць большая частка горада Бярозы, зарэгістравала ўсіх чатырох прэтэндэнтаў у кандыдаты.

У дзейснага дэпутата абласнога Савету, начальніка Бярозаўскага раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Пятроўскага камісія прызнала несапраўднымі 3 подпісы са 155. Два кандыдаты былі вылучаныя палітычнымі партыямі: ад Аб'яднанай Грамадзянскай партыі балатуецца Аляксандар Кабанаў, а ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) — Таццяна Тарасевіч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары