На 40 з 60 акругах па выбарах у Гродзенскі абласны Савет адбудзецца безальтэрнатыўнае галасаванне
19 студзеня адбылося чарговае паседжанне Гродзенскай абласной ТВК, на якім была агучана колькасць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты на выбары ў абласны Савет дэпутатаў.
Старшыня ТВК Уладзімір Хлябіч адсутнічаў на паседжанні ў сувязі з тым, што знаходзіўся ў той момант на з’езде РГА “Белая Русь” разам яшчэ з адным сябрам камісіі. Паседжанне адбылося за адну гадзіну. На ім абвесцілі, што скарачаецца смета расходаў на правядзенне выбарчай кампаніі па камісіях вобласці ўсіх узроўняў на 10%, да 200 тысяч рублеў.
Таксама на паседжанні разгледзелі скаргу вылучэнца ад ЛДП Анатолія Мальцава на адмову АВК у яго рэгістрацыі кандыдатам ў Гродзенскі аблсавет, але рашэне пакінулі без зменаў, бо Гродзенская абласная ТВК палічыла вельмі грубым парушэннем Выбарчага кодэксу недаставерныя дадзеныя ў дэкларацыі аб даходах і маемасці. Справа ў тым, што Мальцаў ненаўмысна ўнёс дадзеныя аб зямлі, якой валодае, не ў тую графу дэкларацыі.
Таксама падчас паседжання быў зацверджаны графік бясплатных выступаў кандыдатаў у Гродзенскі аблсавет па эфірнаму радые па 5 мінут з 18:00 да
19:00 з 31.01.18 па 12.02.18.
Юрый Нерад, які вёў паседжанне замест старшыні, агучыў лічбы па зарэгістраваных кандыдатах у Гродзенскі абласны савет. На 60 дэпутацкіх месцаў зарэгістравалі 85 кандыдатаў з 94 вылучэнцаў, 40 акругаў пры гэтым безальтэрнатыўныя. Адным спосабам вылучалісь 35 чалавек, двума спосабамі - 50 (ад працоўных калектываў і зборам подпісаў адначасова, гэта кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і арганізацый). 18 з іх - дзеючыя дэпутаты, 23 жанчыны, чатыры чалавекі ўзростам да 30 гадоў, шэсць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, чатыры - праваахоўных, два кандыдаты безпрацоўныя, два - пенсіянеры.
Ад палітычных партый зарэгістравана 23 кандыдаты: БПЛ “Справядлівы мір”- чатыры, АГП - чатыры ЛДП - 15. Не зарэгістравалі ў Гродзенскі аблсавет дзевяць вылучэнцаў: аднаго ад АГП, сем ад ЛДП, аднаго ад Партыі працы і справядлівасці. Усім адмоўлена з-за несапраўднасці звестак у дэкларацыях.