Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Фрунзенская выбарчая камісія паскардзілася на апазіцыйнага кандыдата. Міліцыя праводзіць праверку

Актывіст Руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка
Актывіст Руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка

25 студзеня Мікіту Семяненку, актывісту Руха “За свабоду”, кандыдату ў дэпутаты Мінскага гарадскога Савету дэпутатаў, зарэгістраванаму толькі пасля скаргі ў гарадскую выбарчую камісію, патэлефанавалі з Фрунзенскага РУУС. Мужчына, які не прадставіўся, запрасіў Семяненку на “размову” з нагоды таго, што актывіст нібыта парушыў грамадскі парадак падчас наведвання 18 студзеня Фрунзенскай раённай выбарчай камісіі.

У той дзень Мікіта Семяненка прыйшоў да сябраў раённай камісіі, каб забраць дакументы аб адмове ў сваёй рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Разам з ім быў яго паплечнік, які здымаў усё на відэа і трансляваў яго на старонку ў Facebook. Магчыма менавіта гэта не спадабалася выбарчай камісіі.

“Юрыдычна я нічога не парушыў, бо здымаць працу сябраў камісіі не забараняецца. Да таго ж я нікога не абражаў, а толькі распавядаў у прамой трансляцыі пра тое, чаму мне адмоўлена у рэгістрацыі”, - каментуе Мікіта Семяненка.

Роўна праз тыдзень пасля таго візіту і раздаўся званок з міліцыі.

 “Я знаходзіўся на мерапрыемстве, быў заняты, таму папрасіў міліцыянта дакладна казаць, па якой справе мяне выклікаюць. Але суразмоўца пачаў “выкручвацца”, не хацеў прама казаць, з чым канкрэтна звязана яго цікавасць да маёй асобы. Затым папрасіў ператэлефанаваць яму пазней”.

У хуткім часе даверанай асобе кандыдата ўдалося даведацца, што тэлефанаваў Семяненку міліцыянт “Аляксандр Юр’евіч з 301 кабінета” Фрунзенскага РУУС.

Увечары актывіст звязаўся з супрацоўнікам міліцыі і зноў спытаўся пра прычыну, па якой яго выклікаюць на “размову”.

“Я сказаў, што зараз весь час займая мая перадвыбарчая кампанiя, таму, калi ніякай адмiнiстрацыйнай справы супраць мяне не заведзена, то размаўляць з ім я не пайду. На што міліцыянт адказаў, што справы супраць мяне няма, аднак адміністрацыя Фрунзенскага раёна падала на мяне скаргу. Я прапанаваў яму паглядзець відэатрансляцыю ў Facebook, дзе бачны мае паводзіны падчас візіту ў раённую камісію. Міліцыянт пагадзіўся паглядзець, на гэтым мы і развіталіся”, - распавядае Семяненка.

Мікіта Семяненка, сябра Руху “За свадобу”, вылучаўся шляхам збору подпісаў. Фрунзенская раённая выбарчая камісія спачатку не зарэгістравала яго кандыдатам, бо знайшла сярод яго маёмасці незадэклараваную кватэру. Але пазней стала зразумела, што гэта была памылка зямельнага кадастра – тая кватэра Мікіту не належыць. Пасля абскарджвання адмоўнага рашэння раённай камісіі ў Мінскай гарадской камісіі актывіста нарэшце зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары