Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гарадзеншчына: умовы для агітацыі ў параўнанні з мінулымі выбарамі амаль не змяніліся

Умовы этапу перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў гэтага году па Гродна і вобласці з’яўляюцца амаль аналагічнымі тым умовам, што былі падчас выбараў 2014г, за выключэннем Гродна. Пра гэта распавёў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель, які прааналізаваў рашэнні па перадвыбарчай агітацыі на выбарах 2014 і 2018 гадоў.

Рашэнні органаў выканаўчай улады па Гродзенскай вобласці па пытаннях інфармавання выбаршчыкаў і перадвыбарчай агітацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў былі прынятыя і своечасова з’явілісь на афіцыйных сайтах і ў СМІ, аднак апублікаваныя былі толькі на рускай мове, паведамляе назіральнік.

У самім Гродна кандыдатам дазволена праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы не бліжэй за 50 метраў ад будынкаў выканаўчай улады, органаў пракуратуры, судоў, устаноў адукацыі, аховы здароў’я, аўтавакзала і ж.д. вакзала. У 2014 жа годзе рашэнне выканкаму жорстка вызначала месцы, дзе можна праводзіць агітацыйныя пікеты, і пералік такіх дазволеных месцаў быў невялікі. Агітацыйныя друкаваныя матерыалы кандыдатаў можна размяшчаць на інфармацыйных тумбах, колькасць якіх, у параўнанні з 2014 годам, вырасла з 36 да 40. Рашэннем Гродзенскага гарвыканкама дазволена размяшчаць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы кандыдатаў на інфармацыйных стэндах, пад’ездаў дамоў ЖЭСаў, інтэрнатаў, арганізацый аховы здароўя, гандлю, але толькі па дамоўленасці з іх кіраўнікамі. Дарэчы, у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2016 года у гэтым годзе дазволена па згодзе ўладальніка выкарыстоўваць вітрыны крамаў.

Падчас мясцовых выбараў 2014 года для правядзення масавых сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі па Гродна былі выдзеленыя 17 спартыўных пляцовак і стадыенаў школ, 30 памяшканняў у актавых залах устаноў адукацыі. У 2018 годзе рашэннем Гродзенскага гарвыканкама для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі выдзялена больш памяшканняў, чым у 2014 годзе. Зараз перадвыбарчыя сходы можна праводзіць фактычна ва ўсіх актавых залаў ўстаноў адукацыі ва ненавучальны час, а дадаткова – у трох вялікіх актавых залах (заводу КСМ,  Дома культуры “Цветліт” “Беларускага аб’яднання глухіх” і  “Гродзенскага абласнога інстытуту развіцця адукацыі”).

Незалежны назіральнік Раман Юргель адзначае, што ў той час, калі апазіцыйныя кандыдаты, якія балатуюцца ў райсаветы і Гродзенскі аблсавет ў Гродна, Лідзе, Слоніме, Астраўцы, Смаргоні, Іў’е і Бярозаўцы, актыўна праводзяць перадвыбарчыя пікеты, то пікеты праўладных кандыдатаў пакуль не заўважаныя.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары