Назіральніку адказалі: “У дзеяннях раённай выбарчай камісіі парушэнняў адкрытасці і галоснасці не выяўлена"
Назіральнік ў Мазырскай раённай выбарчай камісіі Уладзімір Целяпун звярнуўся са скаргай да старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў А. Няверава. Назіральнік запытваўся: якімі правамі і абавязкамі павінен кіравацца акрэдытаваны назіральнік у раённай выбарчай камісіі? Ці мае ён права знаёміцца з пратаколамі адпаведнай камісіі?
У сваім звароце назіральнік тлумачыць, што на ягоную ранейшую заяву ў Мазырскі выбаркам прадаставіць магчымасць азнаёміцца з дакументамі, паступіўшымі ў камісію ад прэтэндэнтаў у кандыдаты яму было адмоўлена:
"азнаёміцца з падпіснымі лістамі... і пратаколамі...па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Светлагорскага(?) раённага Савета дэпутатаў не ўваходзіць ў пералік паўнамоцтваў назіральніка."
Уладзімір Целяпун, каментуючы гэтакі адказ не хавае свайго здзіўлення:
– Якім бокам я да Светлагорска? Адказы на заявы і скаргі назіральнікаў рыхтуюцца ў адным цэнтры і рассылаюцца камісіям ніжэйшага ўзроўню? На паседжанні камісіі была разгледжана мая заява... Аднак, хачу заўважыць - гэта асабістае рашэнне старшыні камісіі М. Пашынскага. На галасаванне выбарчай камісіі, як калегіяльнага органа, гэты адказ не ставіўся!
Не задаволены такой адпіскай назіральнік звярнуўся да старшыні камісіі М. Пашынскага і сакратара Н. Малец вусна і яшчэ раз папрасіў прадаставіць яму магчымасьць азнаёміцца з пратаколам паседжання выбарчай камісіі, на якой разглядалася вышэйадзначаная заява. Аднак і тут Целяпун атрымаў адмову, а ягоны вусны зварот таксама не быў зарэгістраваны ў журнале зваротаў.
Старшыня абласной выбарчай камісіі А. Нявераў прадказальна адмовіў Целяпуну ў задавальненні скаргі:
“У дзеяннях Мазырскай раённай выбарчай камісіі парушэнняў адкрытасці і галоснасці не выяўлена… азнаямленне з дакументамі, якія паступілі ад прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Мазырскага раённага Савета дэпутатаў, не ўваходзіць у пералік паўнамоцтваў назіральніка…”
Не прамінуў А. Нявераў, пры гэтым узгадаць і невядома адкуль прыпісаны у адказе горад Светлагорск:
“Мазырскай раённай выбарчай камісіі ўказана на недапушчэнне ў далейшым памылак у адказах на звароты і скаргі”