У Смаргоні кандыдат распаўсюджвае ананімныя ўлёткі
На дошках аб'яў пры пад'ездах жылых дамоў выбарчай акругі №15 г у Смаргоні размешчаны ўлёткі кандыдата ў дэпутаты райсавета Аляксандра Нікадона. Прычым яны двух відаў, паведамляе "Гарадзенская Вясна".
Адна частка, накладам 30 асобнікаў, мае зыходныя дадзеныя, што адпаведае патрабаванням з Выбарчага кодэкса. А другая частка ўлётак, таксама з пазначаным у ёй накладам у 30 асобнікаў, такіх дадзеных не мае - на ўлётках не ўказана, якой друкарняй і па чыёй замове яны зроблены.
На тэрыторыі гэтай выбарчай акругі 39 пад'ездаў, а афіцыйны наклад ахоплівае максімум 30 з іх. Таму на дзевяці пад'ездах размешчаны ўлёткі ананімнага друку.
Варта адзначыць, што фінансаванне выбараў адбываецца за кошт выбарчага фонду кандыдатаў у дэпутаты раённых Саветаў у межах 10 базавых велічынь. Улёткі замаўляюцца за кошт дадзеных сродкаў. А друкарня павінна ўказваць, у прыватнасці, сваю назву, наклад, нумар заказу і прозвішча асобы, якая замовіла ўлёткі.
Паводле артыкула 45 Выбарчага кодэкса распаўсюд ананімных агітацыйных матэрыялаў забараняецца.