Баранавічы: тыдзень бацькоўскіх сходаў дзіўным чынам супаў з выбарчым тыднем
У сярэдняй школе №21 Баранавічаў у першы дзень датэрміновага галасавання адзначана вельмі высокая яўка выбаршчыкаў. І гэта наўпрост звязана з правядзеннем у той дзень бацькоўскага сходу.
СШ №21 па сваіх памерах даволі вялікая, і таму там размешчаны адразу два выбарчыя ўчасткі - №43 і №49. Па дадзеных назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяргея Гоўшы, 13 лютага на ўчастку № 43 прагаласавала 93 выбаршчыкі (па спісу іх 2754), а на выбарчым участку № 49 прагаласавала аж 107 (па спісу іх каля 1750).
З чым звязаны такія высокія лічбы для першага дня датэрміновага галасавання? Па-першае, па словах назіральніка, масава галасавалі настаўнікі гэтай школы. Па-другое, у актавай зале, што знаходзіцца побач з выбарчымі ўчасткамі, у той дзень праводзіўся бацькоўскі сход для бацькоў вучняў трэціх і чацвёртых класаў. І бацькі, якія прыйшлі на сход, заадно і масава зайшлі на выбарчыя ўчасткі.
Сяргей Гоўша адзначае, што сходы бацькоў вучняў іншых класаў распланаваныя на ўвесь гэты выбарчы тыдзень.