Гарадзеншчына: дэмакраты агітавалі праз пікеты, праўладныя – на сустрэчах у дзяржустановах
Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з Гродна Раман Юргель падвёў вынікі этапу агітацыі кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы па Гарадзеншчыне.
Па Гродна і вобласці агітацыйная кампанія праўладнымі кандыдатамі вялась у большай частцы ў выглядзе сустрэч з выбаршчыкамі ў актавых залах прадпрыемстваў і навучальных устаноў. Яўка выбаршчыкаў, то бок работнікаў дадзеных устаноў, на такія сустрэчы заўседы забяспечваецца іх кіраўніцтвам. Безумоўна, такім кандыдатам лягчэй мабілізаваць выбаршчыкаў на свае запланаваныя сустрэчы, дзякуючы выкарыстанню скрытага адміністратыўнага рэсурсу і кантрактнай сістэме працы.
"Цягам выбарчага тыдня праўладнымі кандыдатамі выкарыстоўваецца наступная стратэгія. У актавыя залі школаў па запрашэннях класных кіраўнікоў прыходзяць бацькі вучняў на сустрэчы з кандыдатамі і бяруць з сабой пашпарты. Гэтыя сустрэчы, як правіла, праводзяцца вечарам, і бацькі адразу ж галасуюць, як да сустрэч, так і пасля іх. Варта адзначыць, што сустрэчы ў школах праводзяць і кандыдаты ад дэмакратычных партый, напрыклад ад АГП. Аднак прыходзяць на іх мала людзей - ад 10 да 20 чалавек", - адзначае Раман Юргель.
Што датычыцца такой формы агітацыі як перадвыбарчыя пікеты, то ёй ў асноўным карысталіся дэмакратычныя кандыдаты. Яны арганізоўвалі пікеты амаль што кожны дзень у Гродна, Лідзе, Бярозаўцы, Слоніме і Смаргоні. Пікетаў кандыдатаў ад улады, па меркаванні Юргеля, было значна меньш. У асноўным гэта былі пікеты, арганізаваныя РА «Белая Русь». Напрыклад, актывісты гэтай арганізацыі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэту праз агітацыйныя пікеты прызывалі грамадзян прагаласаваць за рэктара іх універсітэта Віктара Сняжыцкага.
Праграмы кандыдатаў заўседы есць на рэкламна-інфармацыйных тумбах, дошках інфармацыі на пад'ездах дамоў, кажа назіральнік. Аднак не ўсё так адназначна з іх зместам.
«У Слоніме на некалькіх участках ёсць альтэрнатыўныя кандыдаты - сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Але ўжо пасля надрукавання ўлётак яны ўбачылі, што з тэкставых матэрыялаў выкрасленыя цікавыя факты з іх біяграфій. Тэксты яны, як і ўсе кандыдаты, здавалі ў Слонімскую выбарчую акругу. А там тэкст біяграфій “рэдагавалі” так, каб як найменш паказаць заслугі дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты».
Правакацый у адносінах да кандыдатаў на працягу перадвыбарчага этапу кампаніі не назіралась.
Адносна асвятлення кампаніі ў гродзенскіх СМІ, то сітуацыя наступная. «Гродзенская праўда» у асноўным публікавала артыкулы з праўладнымі кандыдатамі ў Гродзенскі аблсавет у форме інтэрв'ю ці прамых ліній з дзеючымі дэпутатамі, чыноўнікамі і дырэктарамі прадпрыемстваў, якія балатуюцца ізноў. Прадстаўнікам дэмакратычнага блоку на старонках газеты месца не знайшлося. Гэта можна лічыць «прыхаванай агітацыяй» і парушэннем роўных умоў правядзення перадвыбарчай агітацыі сярод кандыдатаў у дэпутаты, лічыць незалежны назіральнік. Ён налічыў на сайце «Гродзенскай праўды» 30 артыкулаў з интэрв'ю пра дзеючых дэпутатаў і сучасных кандыдатаў.