Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Паўсюдны прымус і вяртанне “каруселяў”. Як прайшлі першыя дні датэрміновага галасавання

За першыя тры дні датэрміновага галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” зафіксавалі шматлікія парушэнні. У асноўным гэта факты прымусу да удзелу ў галасаванні, а таксама выбарчыя “каруселі”. 

Студэнты Слонімскага медыцынскага каледжа ў першы дзень датэрміновага галасавання. Фота з сайту газеты
Студэнты Слонімскага медыцынскага каледжа ў першы дзень датэрміновага галасавання. Фота з сайту газеты "Слонімскі веснік"

Прымус да галасавання

Выпадкі прымусу да удзелу ў датэрміновым галасаванні адзначаныя ў самых розных кутках Беларусі. І ў асноўным гэта тычыцца студэнтаў універсітэтаў і каледжаў. Так, на участку №21 па Спартакаўская акрузе Гомеля, які знаходзіцца на тэрыторыі Гомельскага ўніверсітэту імя Ф. Скарыны, масава галасавалі студэнты інтэрнату №1. Незалежны назіральнік Віктар Адзіночанка, які назірае на гэтым участку, адзначыў, што дзеля таго, каб “забяспечыць умовы” для датэрміновага галасавання студэнтаў, выбарчая камісія працавала нават у абедзены перапынак. А студэнтаў, па словах назіральніка, сабралася вялікая чарга, галасаваць ішлі нават тыя, у каго ў той момант былі пары. У выніку за першы дзень датэрміновага галасавання з 941 выбаршчыкаў прагаласавалі 83, за другі – 94.

На ўчастку №17 у Магілёве абсалютная большасць тых, хто ўзяў ўдзел у датэрміновым галасаванні (у першы дзень гэта лічба склала 81 чалавек) – студэнты Магілёўскага інстытута МУС. Студэнты прыходзілі кожны дзень прыкладна ў адзін час вялікімі групамі.

На ўчастку №64 Цэнтральнай акругі Магілёва ў другі дзень з 93 прагаласаваўшых толькі 15 былі звычайнымі жыхарамі дамоў, якія адносіліся да ўчастку. Астатнія - студэнты Архітэктурна-будаўнічага каледжу пры БРУ, адзначае назіральнік Алесь Буракоў.  Камісія не хавала, што шмат каго з іх ведае асабіста і падчас галасавання магла запытацца пра вынікі тэстаў і вучобу. Пры гэтым студэнты на гэтым участку галасуюць па іншай сістэме, чым астатнія: калі прыходзяць некалькі "звычайных" людзей адначасова, камісія працуе з усімі разам. Студэнтаў жа выганяюць на калідор, патрабуючы, каб яны галасавалі па аднаму і не стваралі відавочную карціну "загона".

16 лютага назіральнік з Горак Мікалай Раманоўскі паведаміў прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", што ўсе іншагароднія студэнты, якія навучаюцца ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, прагаласавалі датэрмінова і з'ехалі на абяцаныя ім вакацыі.

Прымус студэнтаў да галасавання адзначаецца і ў мінскіх вузах. Назіральніца Наталля Сацункевіч, якая назірае на ўчастку, што знаходзіцца ў інтэрнаце №8 БДПУ, бачыла, як студэнтка зайшла на ўчастак са словамі: “у мяне толькі студэнцкі, мяне злавілі”. Дзяўчына думала, што галасаваць можна толькі па пашпарце. У фае інтэрната супрацоўніцы пад кіраўніцтвам загадчыцы настойліва “запрашалі” студэнтаў галасаваць. У інтэрнаце Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэту (участак №36 Дзяржынскай выбарчай акругі) падчас актыўнага наплыву студэнтаў, які назіраецца з 16 па 17 гадзін і калі на ўчастку адначасова прысутнічала ад 33 да 37 чалавек, ажыццяўляць назіранне становіцца практычна немагчыма. На гэтым участку за тры дні датэрміновага галасавання яўка склала 45.7%

Аднак пад “загоны” пападаюць не толькі студэнты. Назіральнік з Магілёву Уладзімір Краўчанка адзначае, што работнікаў шматлікіх бюджэтных арганізацый адпускалі раней з працы, каб яны паспелі прагаласаваць датэрмінова. А ў сярэдняй школе №21 Баранавічаў вельмі высокая яўка выбаршчыкаў звязана з тым, што у актавай зале, якая знаходзіцца побач з выбарчымі ўчасткамі, кожны дзень праводзіліся бацькоўскія сходы.

Выбарчыя “каруселі”

З гэтымі мясцовымі выбарамі вярнуліся і ўжо многімі пазабытыя выбарчыя “каруселі”. Так, назіральніца Валянціна Свяцкая на ўчастку №28 Трактаразаводскай выбарчай акругі №57 Мінска звярнула ўвагу на некалькі мужчын, у якіх пазнала тых, хто прыходзіў галасаваць днём раней. Назіральніца рашуча запатрабавала, каб яны пакінулі памяшканне для галасавання. Адзін з іх сыйшоў, так і не атрымаўшы ў другі раз бюлютэнь для галасавання. 

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў другі дзень датэрміновага галасавання заспеў на адным з участкаў Цэнтральнага раёну групу з сямі жанчын, якіх арганізавана прывезлі мікрааўтобусам да гімназіі № 34. Пабачыўшы, што Лябедзька здымае відэа на тэлефон, жанчыны пачалі адварочвацца ад камеры і разыходзіцца. 

На ўчастаку №71 па Машэраўскай выбарчай акрузе Мінска, што змяшчаецца ў беларускамоўнай гімназіі №23, назіральнік пабачыў арганізаваную групу з 10 асобаў, якія прыехалі на адной машыне. Групамі па 2-3 чалавекі яны заходзілі на ўчастак і галасавалі. Астатнія чакалі на вуліцы.

Цалкам вынікі назірання за выбарамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання будуць абвешчаныя падчас прэс-канферэнцыі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая адбудзецца 19 лютага.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары