Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Старшыня камісіі пераблытала лічбы, бо дрэнна сябе адчувала. Ярмошына адказала назіральніку з Бярозы

Лідзія Ярмошына. Фота - "Радыё Свабода"
Лідзія Ярмошына. Фота - "Радыё Свабода"

Незалежны назіральнік з Бярозы Сяржук Русецкі атрымаў адказ ад Цэнтрвыбаркама на свой зварот адносна абрання Дзмітрыя Гукіна дэпутатам Першамайскага сельскага Савета Бярозаўскага раёна. Справа ў тым, што, паводле пратакола аб выніках падліку галасоў ад 18 лютага, за Гукіна прагаласавала менш выбаршчыкаў, чым супраць яго, што робіць немагчымым яго перамогу на выбарах. 

У сваім адказе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што ў сувязі з пададзенай назіральнікам заявай была праведзена праверка.

У ходзе яе высветлілася, што па заяве самога Дзмітрыя Гукіна, які палічыў лічбы ў фінальным пратаколе памылковымі, на выбарчым участку № 30 быў праведзены паўторны падлік галасоў. І пасля яго аказалася, што ў пратаколе ад 18 лютага былі памылкова перастаўлены месцамі лічбы аб колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за кандыдата і супраць яго. То бок 39 выбаршчыкаў прагаласавала супраць усіх, а 50 - за Гукіна, а не наадварот, як было напісана ў пратаколе.

Сябры ўчастковай камісіі ўчастка для галасавання № 30 патлумачылі гэтую памылку тым, што самаадчуванне старшыні камісіі падчас падліку галасоў рэзка пагоршылася. Гэты факт, паводле слоў сябраў камісіі, могуць пацвердзіць і назіральнікі ўчастка.

Ярмошына паведамляе, што па выніках паўторнага падліку галасоў Першамайскай сельскай выбарчай камісіяй складзены новы пратакол, які пацвярджае выбранне Дзмітрыя Гукіна дэпутатам Першамайскага сельскага Савета дэпутатаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары