Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Экс-кандыдата пазбавілі доступа да правасуддзя

Дзяніс Турчаняк у судзе. Фота: "Берасцейская Вясна".
Дзяніс Турчаняк у судзе. Фота: "Берасцейская Вясна".

Калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда ў складзе суддзяў Слюсар, Ілюшынай і Міранюк разгледзела 19 красавіка прыватную скаргу экс-кандыдата ў дэпутаты Брэсцкага гарсавета па 17-ай выбарчай акрузе Дзяніса Турчаняка: “Вызначэнне суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 16 сакавіка пакінуць без зменаў, а прыватную скаргу без задавальнення”.

Як паведамляе “Берасцейская Вясна”, 25 студзеня кандыдат па 17 выбарчай акрузе Турчаняк звярнуўся ў Брэсцкі гарвыканкам па інфармацыю аб колькасці дамоў і паўнагадовых грамадзян па ягонай акрузе. У прадастаўленні запрошанай інфармацыі гарвыканкам яму адмовіў.

Кандыдат палічыў адмову незаконнай, бо інфармацыя аб выбарах адкрытая і галосная, і звярнуўся ў суд Ленінскага раёна г. Брэста. У сваёй скарзе кандыдат папрасіў суд выправіць памылку. Суд яму адмовіў, маўляў, справа непадведамасная суду і павінна разглядацца ў адпаведнасці з Выбарчым заканадаўствам.

Таму экс-кандыдат звярнуўся ў абласны суд. Дзяніс Турчаняк перакананы, што менавіта суд павінен разглядаць ягоную скаргу, бо ён звяртаўся да выканаўчай улады па інфармацыю і выбарчыя камісіі і выбарчае заканадаўства ня маюць да ягонай скаргі на “непрадастаўленне інфармацыі гарвыканкамам” ніякога дачынення, а таму ягоную скаргу павінен разглядаць суд, а не выбарчая камісія.

Экс-кандыдат прасіў калегію адмяніць вызначэнне суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 16 сакавіка і скіраваць справу на новы разгляд.

“Мае правы, як кандыдата, груба парушаны гарвыканкамам. Інфармацыя аб выбарах адкрытая і галосная. Чаму інфармацыя аб колькасці дамоў і колькасці паўнагадовых грамадзян робіцца таямніцай? Я прасіў толькі лічбы, а не асабістыя дадзеныя, я спіс выбаршчыкаў не прасіў, як пішуць у адмовах. Мне незаконна адмоўлена ў разглядзе справы судом. Я пазбаўлены доступа да правасуддзя”, - паведаміў суду экс-кандыдат Дзяніс Турчаняк.


Каментары