ЦВК адказала на скаргу праваабаронцы з Бярозы
Пастанова Цэнтральнай выбарчай камісіі, безумоўна, павінна выконвацца. Такі адказ атрымаў бярозаўскі сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Сяржук Русецкі, паведамляе "Радыё Рацыя".
Адказ з Цэнтральнай выбарчай камісіі падпісаны Лідзіяй Ярмошынай. Скарга праваабаронцы тычылася парушэння выбарчай пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі падчас фармавання Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі, калі галасаванне па кандыдатурах не вялося пайменна, а прапанаваным райвыканкамам спісам. Бярозаўскі суд не ўбачыў у гэтым парушэння, кажа Сяржук Русецкі.
"Падчас судовага паседжання юрыст райвыканкама сказаў, што пастанова ЦВК з'яўляецца падзаконным актам, таму носіць рэкамендацыйны характар. А ў адказе Цэнтральнай выбарчай камісіі гаворыцца, што хоць гэтае парушэнне працэдуры не паўплывала на само рашэнне, ЦВК звярнулася ў Берасцейскі аблвыканкам, і падчас правядзення навучання для прадстаўнікоў камісій звернута іх увага на тое, што пастанова ЦВК, безумоўна, павінна выконвацца".
Паводле Сержука Русецкага, падчас вызначэння сябраў Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі Бярозаўскі райвыканкам прапанаваў 13 чалавек з 17-ці заяўленых. Пасля кароткай характарыстыкі кожнага на пасяджэнні райвыканкама і прэзідыума райсавета было прапанавана прагаласаваць агулам за спіс. Галасаванне было без абмеркавання адзінагалосным. У склад камісіі не была ўключана назіральніца ад БХК Тамара Шчапёткіна.