Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавічы: камісія пераблытала колькасць бюлетэняў з колькасцю выбаршчыкаў

Сяргей Гоўша.
Сяргей Гоўша.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі разглядзелі электронны зварот незалежнага назіральніка Сяргея Гоўшы. Ён скардзіўся на тое, што колькасць бюлетэняў па выбарах у абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў, атрыманых участковай камісіяй баранавіцкага ўчастка № 49, згодна з пратаколамі аб датэрміновым галасаванні ад 13 і 14 лютага, не адпавядае колькасці гэтых бюлетэняў, указанай у пратаколах ад 15 і 16 лютага.

У адказе ЦВК паведамляецца, што старшыня гэтай участковай камісі Таццяна Жытко дала свае тлумачэнне адносна сітуацыі. Так, паводле яе, у першыя два дні датэрміновага галасавання 13 і 14 лютага ў выніковых пратаколах ў графе «Колькасць бюлетэняў, атрыманых участковай выбарчай камісіяй» памылкова ўказвалася агульная колькасць выбаршчыкаў на ўчастку (1881). А ўжо 15 і 16 лютага памылка нібыта была заўважана, і ў пратаколах пачалі ўпісваць колькасць атрыманых бюлетэняў па выбарах у абласны Савет дэпутатаў (1997) і ў гарадскі Савет дэпутатаў (2000).

Таму, на думку Цэнтрвыбаркама, падстаў для прыняцця далейшых мер рэагавання на дзеянні ўчастковай камісіі няма.

Таксама назіральнік Сяргей Гоўша накіраваў у ЦВК скаргу аб парушэнні выбарчага заканадаўства падчас падліку галасаў на гэтым выбарчым участку. Назіральнік не мог бачыць змест выбарчых бюлетэняў, што не адпавядае адкрытасці і галоснасці, дэклараванай арт. 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчым кодэксам РБ.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары