Выбарчыя камісіі не зацікаўленыя ў празрыстасці працэсу праверкі подпісаў вылучэнцаў у кандыдаты
Да шэрагаў назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якім адмоўлена ў магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў і дакументаў па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, далучыліся салігорскі назіральнік Леанід Мархотка і назіральніца з Мінску Валянціна Свяцкая.
Днямі Леанід Мархотка атрымаў адказ на свой зварот у Салігорскую раённую выбарчую камісію. Сакратар камісіі І. Чыгір паведамляе назіральніку, што ён прысутнічаў на паседжанні камісіі пад час разгляду пытання працэсу падрыхтоўкі да праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў:
“...паколькі праверка дакументаў і праверка сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў, праводзіцца не на паседжаннях камісіі, прысутнасць назіральніка пры яе правядзеннні выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусі не прадугледжана.”
А вось што адказала Партызанская раённая выбарчая камісія г. Мінска па выбарах дэпутатаў Мінскага гарсавета назіральніцы Валянціне Свяцкай, наконт яе жадання прысутнічаць пры праверцы подпісаў на падпісных аркушах, пададзеных у камісію ініцыятыўнымі групамі для рэгістрацыі вылучэнцаў кандыдатамі ў дэпутаты.
Пасля пералічэння ўсіх пунктаў артыкула 13 Выбарчага кодэкса аб правах назіральніка, старшыня камісіі С. Юрэня паведамляе Свяцкай:
“На падставе вышэйпападзенага, назіральнік не мае права знаёміцца з дакументамі, якія паступаюць ў камісію”.
Па той прычыне, што прысутнасць назіральніка пры правядзенні праверкі падпісных аркушаў не прапісаная наўпрост у арт. 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, выбарчыя камісіі, як правіла, адмаўляюць назіральнікам. Тым самым працэдура праверкі подпісаў і іншых дакументаў робіцца закрытай і непразрыстай, што ставіць пад сумнеў вынікі ўсіх кандыдатаў.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч добра знаёмы з гэтай праблемай, якая ад выбараў да выбараў застаецца нявырашанай.
“Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына неаднойчы казала аб тым, шгто пералік правоў назіральнікаў у Выбарчым кодэксе – поўны і закрыты. Маўляў, мы не можам выйсці ў дадзеным выпадку за межы кодэкса. Дык мы ведаем сітуацыі, калі такія спрэчныя пытанні рэгуляваліся ўсяго толькі адпаведнымі пастановамі ЦВК. Але калі ў Кодэксе падрабязна і па пунктах распісана працэдура праверкі подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты, то за гэтым можна і трэба назіраць.Тым больш, калі ва ўладаў сапраўды існуе імкненне зрабіць выбарчы працэс празрыстым – ён павінен быць адкрытым”, - перакананы праваабаронца.
Пакуль жа, выбарчыя камісіі адмовілі назіральнікам прысутнічаць пра праверцы подпісаў у Маладэчна, Мазыры, Жодзіна і некаторых іншых іншых гарадах.