Заўважнай адметнасцю сёлетніх перадвыбарных апазыцыйных пікетаў у Віцебску стала абавязковая прысутнасць на іх супрацоўнікаў спецслужбаў, якія вядуць непрыхаваную відэафіксацыю. Пры гэтым гараджанне не наважваюцца падыходзіць да такіх пікетаў.
На Астравеччыне кандыдат у дэпутаты Варнянскага сельскага савету, грамадска-палітычны актывіст Мікалай Уласевіч змагаецца з парушэннем яго правоў як удзельніка выбарчай кампаніі. Пятага лютага ён накіраваў дзве скаргі: адну – ў Варнянскую сельскую выбарчую камісію, другую – у суд Астравецкага раёна.
Назіральнік ў Мазырскай раённай выбарчай камісіі Уладзімір Целяпун звярнуўся са скаргай да старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў А. Няверава.
6 лютага кандыдат у дэпутаты Гомельскага гарадскога і абласнога Саветаў Кастусь Жукоўскі аспрэчыў пісьмовыя папярэджанні гарадской і абласной выбарчых камісій аб недапушчэнні паклёпу і абраз у адрас службовых асоб дзяржаўных органаў. У скаргах у Гомельскую абласную і Цэнтральную выбарчыя камісіі кандыдат заяўляе аб перашкодзе яму свабодна весці перадвыбарчую агітацыю.
Старшыня выбарчай камісіі Віталь Атаманчук зачытаў заяву супрацоўніка абласнога ўпраўлення ДАІ Уладзіміра Кадзетава аб паклёпе і абразе, якія кандыдат Жукоўскі дапусціў ў яго адрас падчас пікету каля будынку ДАІ. Маёр міліцыі прасіў выбарчую камісію за дапушчаныя парушэнні адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.
Ліст з раённай выбарчай камісіі аб немагчымасці правядзення сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдат у дэпутаты Аршанскага райсавета ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Булаўка атрымаў толькі праз два дні пасля заяўленай ім даты мерапрыемства.